ЭЛЕКТРАФІ́ЛЬНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
гетэралітычныя рэакцыі арган. рэчываў з электрафільнымі рэагентамі (электрафіламі). Электрафілы (ад электрон + грэч. phileō люблю) — катыёны і малекулы, якія маюць свабодную арбіталь ці цэнтры з паніжанай электроннай шчыльнасцю і пры рэакцыі з субстратам акцэптуюць на ім 2 звязвальныя электроны. Найб. пашыраны электрафільнага замяшчэння рэакцыі ў аліфатычным шэрагу (рэакцыі абмену металаў у металаарган. злучэннях на іншы метал, вадарод, галаген), у араматычным шэрагу (рэакцыі нітравання, сульфіравання, галагеніравання, алкіліравання і ацыліравання паводле Фрыдэля—Крафтса і інш.). Гл. таксама Нуклеафільныя рэакцыі, Рэакцыі хімічныя.
т. 18, кн. 1, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)